?

Log in

No account? Create an account
Лісты курсантаў Беларускай Ахвіцэрскай школы - Рэканструкцыя БКА

Беларускі ўніфармолаг
Date: 2008-12-15 11:48
Subject: Лісты курсантаў Беларускай Ахвіцэрскай школы
Security: Public

         Вініцкі Алесь. Матарыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў нямеччыне ў 1939-1951 гадох. Тэхналогія.–Мн., 1994.

 

Ніжэйпададзеныя лісты курсантаў Беларускай Ахвіцэрскай школы ў Менску да сваякоў і знаёмых зьяўляюцца праўдзівай ілюстрацыяй падзеяў у жыцьці школы.

 

1.                                                                            Добрага дня, Родныя!

Нашае падарожжа з гораду Н-ску ў Менск адбылося шчасліва. Прыехаўшы ў Менск, нас адвезьлі ў казармы, дзе жывём і цяпер. Кажны з нас атрымаў па дзве коўдры й прылады да ежы.

Першую ноч мы правялі вельмі трывожна. Некалькі разоў была падаваная трывога. Хутка адзяваліся й выходзілі ў бомбасховішча.

У нас у 6 гадзін раніцы пад’ём. Пасьля прапяяньня малітвы ідзем на сьнеданьне. Па сьнеданьні–заняткі, якія пакуль што ня цяжкія. У 12 гадзін дня добры абед. Пасьля абеду гадзіны чатыры будуем бамбасховішчы. У 9 гадзін вячэра, а пасьля вячэры да 10-й гадзіны вольны час. Па 10-й ідзем спаць.

Другая ноч была таксама трывожная: хаваліся ў бамбасховішчы. Нашыя казармы стаяць за горадам, і бамбаваньне нам не пагражае.

Дзядзька! Як будзеце ехаць у Менск, прывязеце, калі ласка, цыгарэтаў, бо курыць даюць мала. На гэтым ліст свой канчаю, бо няма калі пісаць. Гэты ліст пісаў на калене. Аставайцеся здаровы й ня тужэце па мне. Мне, як і ўсім нашым хлопцам, жывецца вельмі добра.

Бывайце !

 

Чэрвень 1944 г.                                                 Ваш Мікалай.

 

 

2.                                                        Славік!

Сёлета я выграў па лятэрыі лёс, якога не спадзяваўся і не хацеў бы, а мяноўна—дармовае падарожжа па Эўропе. Мей цярплівасьць і выслухай маё нуднае апавяданьне аб нашым падарожжы, бо гэтае падарожжа ўвойдзе ў гісторыю Беларусі. Гісторыя—гэта Гісторыя Ахвіцэрскай Школы Беларускай Краёвай Абароны.

I вось слухай: 27 чэрвеня 1944 году бачыўся я з тваім бацькам, бо мы ахоўвалі Беларускі тэатр, у якім адбываўся Кангрэс. На наступны дзень, гэта значыць 28 чэрвеня, была навука страляньня, а вечарам, як ужо паляглі спаць, зрабілі падём і сказалі пакаваць самыя неабходныя рэчы. Мы даведаліся, што Школа пераводзіцца ў Горадню, бо пад Менск падсунуўся фронт і нам небясьпечна тут сядзець.

29 чэрвеня рана мы выйшлі зь Менску пад кіраўніцтвам нашых інструктараў-немцаў і капітана Мікулы. Усё сваё прыйшлося цягнуць на плячах. Сонца пякло моцна, мундзеры чорныя, на плячах пакункі, проста нязносна. Некаторыя сябры пачалі па дарозе млець.

Прайшлі мы 30 км за Менск, і капітан дазволіў сядаць на праходзячыя нямецкія машыны з умовай, каб бралі з сабою цяжкае аружжа. Я сеў таксама. Першую ноч начавалі мы недалёка ад Маладзечна. Другую прыйшлося начаваць за 14 км ад Вільні. Там разышліся мы па хутарох, шукаючы малака й хлеба, бо прадуктаў мы два дні не атрымлівалі.

З намі быў адзін немец, наш адзін лейтэнант і нас чалавек 50. Многія па дарозе, каму было недалёка, пайшлі дамоў. Раптам стрэлы. Трое з падахвіцэраў застрэлілі лейтэнанта й яшчэ аднаго і ўцяклі да легіёнаў, якіх там было мала.

Мы поцемку пагрузіліся на першыя спатканыя машыны й паехалі ў Вільню на зборны пункт, дзе сабралася нас ужо 200 чалавек, а раней было 300 чалавек. Там мы чакалі чатыры дні на нашыя абозы.

Але не дачакаўшыся іх, вымушаныя былі рушыць далей. Усе ўжо з вільні эвакуяваліся.

3 ліпеня ў абед мы пагрузіліся на цягнік і меліся ад'яжджаць, але нас вазілі, вазілі па станцыі, і мы да 10-й гадзіны вечара не змаглі выехаць. У 10 гадзін алярм. Мы прывыклі, што ў Менску зяніткі не давалі самалётам спусьціца, і нічуць не баяліся. Нават ніхто з вагону ня зьлез, бо вось-вось цягнік меў рушыць зь месца. Наляцелі самалёты. Хлонцы пасьпелі толькі схавацца паміж колаў суседніх вагонаў. Машыністы, замест выводзіць цягнік са станцыі, выскачыў з машыны і давай уцякаць. Яго застрэлілі.

Хлопцы не заахоўвалі ніякіх асьцярожнасьцяў, а самалёты навешалі ліхтароў і круцяцца. Раптам грукат ззаду ў нас. Пачалі гапасіць хвалямі, і гэтыя хвалі ўсё бліжэй да нас. Адны пралятаюць, налятаюць новыя й г.д.

Адазваліся толькі тры зэніткі й адзін пражэктар, а ня так, як мы думалі—500 пражэктараў і 100 зэнітак. Бамбілі нас нямецкімі бомбамі, якія, як толькі даткнуцца да зямлі—рвуцца.

Рабілася горача. Хваля даходзіла да нас. Адна бомба дала ў наш эшалён—у машыну. Другая загула–стала цяжка дыхаць–і не разарвалася. Яна ўпала пры самай галаве капітана Чабатарэвіча, які ляжаў з жонкай і сынам. Гэта быў кіраўнік нашае школы. Маё шчасьце. Раптам цяжка, цяжка дыхаць. Шалёны выбух, мяне падкінула ўверх, абсыпала пяском, пасьля пачаўся лямант і крык–крычалі раненыя. Я не верыў сабе, што жывы; і дзіўна мацаеш свае ногі й рукі й дзівісься, што цэлыя. А пад вагонамі крычаць, разьвітваюцца, даюць напамінкі.

У мяне было толькі зашарпнутае вуха, зь якога цякло шмат крыві, і абдзёртая рука, але ўжо на тым месцы й блізна мала значная. Я ляжаў на правай старане нашага эшалёну, а бомба ўпала на левай старане і, даткнуўшыся да вагону, адразу разарвалася, так што асколкі білі ў ніз і на бакі, словам, усюды.

Сябру Ражнёва так моцна раніла, што хацеў з свае вінтоўкі застрэліцца, а як вінтоўку адабралі, дык усё прасіў, каб дастрэлілі. Нага амаль адарваная, грудзі й рукі зусім пасечаныя. Таксама Гаворка з 4-й клясы. Пад тым вагонам было забіта чатыры чалавекі, прычым тры з нашай Сэмінарыі.

Бомбы сыпаліся й сыпаліся, на шчасьце, усё далей і далей. Налёт трываў дзьве гадзіны, у выніку чаго было забіта з нашага эшалёну (Школы) 6 чалавек і 25 паранена. Многія сябры былі абпаленыя фосфарам з запальных бомбаў.

Пасьля бамбаваньня страшно было глянуць. Што трэйці, чацьвёрты вагон гарэў. Гранаты, патроны, снарады рвуцца. Недалёка ад нас рваўся арсэнал. Мы, здаровыя, да рана 4 ліпеня тушылі вагоны, а пасля цэлы дзень усё перакочвалі вагоны, стараючыся сабраць ізноў эшалён. У той час рабочыя правілі чыгунку. Усе мы выглядалі страшна: ня спаўшыя, няўмытыя, няеўшыя, у пяску, у вугальлі, чорныя, вочы гараць гарачкай–страх !

Падвечар зноў стаімо зь цягніком пад параю, і ніяк не даюць нам дарогі. Пад 9 гадзін вечара апанавала ўсіх нецярпелівасць. Усе трывожна разглядаліся кругом і шукалі, куды ўцякаць. Каля нас праяжджалі ўсё цягнікі чырвонага крыжу. З аднаго нам махалі, відаць нехта з нашых раненых выяжджаў.

Ехалі мы так, што пад горку ўсе вылазілі з вагонаў і папіхалі эшалён. Да нашага эшалёну дачапілі доўгі эшалён, на які пагрузілі адзін Беларускі Піянерскі Батальлён. Ад'ехаўшы 30 км ад Вільні, сталі. На Вільню зноў налёт. Зэніткі зусім нябілі, а біліся зь імі паляўнічыя самалёты й зьбілі 6 штук, аднак глушылі добра. У той час наш абоз быў за 6 км ад Вільні. Абозныя пазьней гаварылі, што бомба бухнула якраз у ваенны лязарэт каля станцыі. Так што нашыя раненыя, калі іх ня вывезьлі, там загінулі.

Раніцою 5 ліпеня мы прыехалі ў Коўна, дзе прастаялі цэлы дзень. Пад вечар зноў неспакойна, але дзякуючы стараньням нямецкага нашага капітана Шнайдэра каля 9-й гадзіны вечара ад'яжджаем далей. Толькі даехалі мы да Нёмана—над Коўнам навешалі лямпачак.

Даехалі да Вірбалену (Вержбалова) на летувіска-нямецкай мяжы, дзе тыдзень чакалі нашых абозаў. Як прыехалі (яны чуць не трапілі каля Смаргоняў у рукі бальшавікоў), нам далі накіраваньне на Граева каля Горадні, дзе мы мелі працягваць навуку. Аднак нас павезьлі на Кэнігсбэрг, далей яго—у Коблёбудэн, дзе мы стаялі цэлы тыдзень. Адтуль мы паехалі зноў на Граева, але нас зноў ня пусьцілі туды, бо адтуль ужо эвакуяваліся. Нас затрымалі ў Лыку й накіравалі ў Шротэнбург (Плоцк). Там мы стаялі пару дзён, і нас мелі адправіць адтуль пад Ломжу, каб мець нагляд над шанцавымі работамі. Але чамусь ноччу паравозу не падчапілі, і мы не паехалі туды, а прастаялі ў вагонах яшчэ тыдзень. Адтуль паехалі на Варшаву, у Цеханова. Там мы стаялі некаторы час у маёнтку, а пасьля перавялі нас у вёску Казлоўку, дзе аб'явілі нам закрыцьцё нашай Ахвіцэрскай Школы. Там нас ужо была толькі адна рота–120 чалавек, бо рэшта ўцякла зь Вільні пасьля бамбаваньня...

Бывай здароў.

10.XI. 1944 г.

Post A Comment | 3 Comments | | Link






(no subject) - (Anonymous)
Беларускі ўніфармолаг
User: bka_by
Date: 2008-12-15 11:10 (UTC)
Subject: (no subject)
Можа калісьці знойдзецца рэжысёр, які здыме кіно па гэтым лістам.
Reply | Parent | Thread | Link



krewa
User: krewa
Date: 2008-12-15 11:56 (UTC)
Subject: (no subject)
Быццам бы апынуўся сам у гэтым часе, калі нашыя дзяды змагаліся з чырвонай мразотай. Дзякуй.

Выбачаюся, нічога не знайшоў дома з тых марэр'ялаў, пра якія мы размаўлялі напярэдадні. Пэўна, не перажылі чарговай пераўсталёўкі "Вінды".

Reply | Thread | Link



(no subject) - (Anonymous)
Беларускі ўніфармолаг
User: bka_by
Date: 2011-07-03 18:45 (UTC)
Subject: (no subject)
Згодны. Разглядаю тыя падзеі, як збройную барацьбу розных калабарацыйных груповах за ўладу над Беларуссю, у выніку якой атрымала ўладу беларуская прарасейская групоўка калабарантаў.
Reply | Parent | Thread | Link



browse
my journal
March 2019