Беларускі ўніфармолаг (bka_by) wrote,
Беларускі ўніфармолаг
bka_by

AK vs БКА.

Сямашка Я.I. Армiя Краева на Беларусi.–Мн.: Беларускае выдавецкае Таварыства Хата”. 1994.

 

Размова пра Армію Краёву на Беларусі будзе няпоўнай, калі не закрануць пытання аб узаемаадносінах акаўскага падполля з дзеячамі Беларускай краёвай абароны (БКА), Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР) і створанымі беларускімі нацыянальнымі і нацыяналістычнымі фарміраваннямі.

Гэтая тэма падрабязна і грунтоўна разглядаецца ў кнізе Юры Туронка «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», выдадзенай у Мінску на беларускай мове ў 1993 г. і ўжо знаёмай нашаму чытачу.

Як адзначае Юры Туронак, у Мінску ў ліпені 1942 г. адбыліся перагаворы паміж прадстаўнікамі галоўнага камандавання Арміі Краёвай Зоф'яй Дабжыньскай («Евай») і кіраўніком Партыі беларускіх нацыяналістаў Янкам Станкевічам.

СТАНКЕВІЧ: «...Смутная вайна, у якой гестапа пралівае польска-беларускую кроў, у значнай ступені ідзе па віне мясцовых палякаў. Сярод беларусаў распаўсюдзілася думка, што «двудушнай палітыкай тутэйшых палякаў» кіруе польская цэнтральная ўлада, бо ў розных адцаленых ад сябе мясцовасцях палякі паводзілі сябе аднолькава пры ўваходжанні немцаў. Беларусы ўвогуле баяліся трапіць немцам на вочы, затое палякі віталі іх з энтузіязмам, дзякавалі за вызваленне ад бальшавікоў і запэўнівалі, што толькі палякі—сапраўдныя прыяцелі заходняй культуры і Германіі. Маўляў, яна прынесла ім вызваленне ад прыроджанага ворага—Саветаў, у той час як беларусы—гэта натуральныя бальшавікі, якія арыентуюцца на Усход. Першая кроў, якая пралілася пры нямецкай акупацыі, была беларуская».

ДАБЖЫНЬСКАЯ: «Я адказала на гэта (Станкевічу—Я. С.): «Даю слова гонару, што такога распараджэння ўладаў (з энтузіязмам сустракаць немцаў—Я. С.) не было, але, наадварот, такія паводзіны—здрада Польшчы, сапраўдныя польскія ўлады пакараюць гэтых людзей за здраду дзяржаве... Я папрасіла пералічыць мясцовасці, дзе падобныя выпадкі мелі месца, а таксама даць пайменны спісак палякаў, якія працавалі на немцаў».

Паводле Туронка, адным з галоўных ініцыятараў супрацоўніцтва паміж АК і беларускім нацыяналістычным рухам быў мінскі бургамістр Вацлаў Іваноўскі. Дарэчы, яму прысвечана і другая кніга гэтага даследчыка—«Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі» (Варшава. 1992).

Юры Туранок на падставе дакументаў сцвярджае, што Іваноўскі асабіста патраніраваў гэтае супрацоўніцтва, менавіта з яго дапамогай кіраўніцтва польскага падполля пачало шукаць кантактаў з прадстаўнікамі беларускіх нацыяналістычных колаў. Сам Іваноўскі перад адездам у Мінск правёў перагаворы ў Вільні з начальнікам разведкі ЗВЗ-АК Томашам Занам. Пазней, ужо будучы бургамістрам, ён уладкаваў на службу ў Мінскую гарадскую ўправу польскага разведчыка Вітаўта Буткевіча, а праз некаторы час—Гражыну Ліпіньску («Дануту»). Пра яе ішла размова ў папярэдніх раздзелах. Іваноўскі, піша Юры Туронак, «аблегчыў разведчыкам іх працу, запрасіў на такія пасады, дзе яны не толькі трымалі пад кантролем свае раёны, але ў дадатак мелі доступ да гаспадарчай інфармацыі вайсковага значэння. У канцы 1942 г. Іваноўскі выкарыстаў свае магчымасці, каб вырваць з рук гестапа Вітаўта Буткевіча, якога арыштавалі па даносу за прыналежнасць да польскага падполля, перасцярог польскіх дыверсантаў ад учынкаў, якія маглі парушыць канспірацыю. Паводле сведчанняў удзельнікаў польскага падполля ў Мінску, ад Іваноўскага яны атрымлівалі, бясспрэчна, вялікую дапамогу».

Як сведчыць далей Юры Туронак, вясною 1942 г. пры ўдзеле Самуіла Кастравіцкага, афіцэра разведаддзела штаба ЗВЗ-АК, даўняга сябра Іваноўскага, было падрыхтавана спецыяльнае данясенне, прысвечанае беларускай праблеме, гэты рапарт праз галоўнае камандаванне быў перасланы Сікорскаму. У ім паведамлялася, што некаторыя беларускія дзеячы шукаюць кантактаў з польскім падполлем, каб дасягнуць паразумення ў справе супольнай абароны ад Расіі, вызвалення ўсёй Беларусі з дапамогай Польшчы і заключэння з Польшчай цеснай федэрацыі. У рапарце прапаноўвалася тэрмінова ўвайсці ў кантакт з гэтымі дзеячамі.

Размова прадстаўнікоў ЗВЗ-АК і Партыі беларускіх нацыяналістаў адбыліся, як ужо адзначалася, у ліпені 1942 г. у Мінску, потым працягваліся ў студзені 1943 г. у Варшаве, а пад канец гэтага года—у Вільні. Самастойна спрабаваў наладзіць кантакты з кіраўнікамі польскага падполля і Радаслаў Астроўскі.

Але ні ў адным з выпадкаў да паразумення так і не дайшло, бо ў кожнага з бакоў былі свае інтарэсы і мэты, кожны імкнуўся нацягнуць коўдру на свае плечы. Так што ўсе гэтыя перагаворы, кантакты не мелі больш-менш значнага ўплыву для развіцця тагачасных падзеяў, уся перагаворная валтузня абсалютна не паўплывала на становішча ў баявых адзінках і нізавых падпольных звеннях ЗВЗ-АК, дзе самым лепшым аргументам для размоваў з праціўнікам ці сапернікам лічыліся штык і куля.

БЫЛО ГЭТА ТАК. 3 успамінаў начальніка штаба Навагрудскай акругі АК Станіслава Сэндзяка («Варты»): «Працы было надзвычай многа, і, як гэта заўсёды бывае на пачатку, шла яна не вельмі спорна. Трэба было звязаць усе разрозненыя канспірацыйныя групы ў адпаведныя фарміраванні, арганізаваць сувязь паміж атрадамі і БІП (Бюро інфармацыі і прапаганды), і, у рэшце рэшт, перш чым пайсці ў атаку, пачаць абараняцца. Сітуацыя станавілася ўсё больш пагрозлівай. Немцы пачалі тут ствараць беларускую дзяржаву. Яе элітай павінны былі стаць Беларуская народная самадапамога (БНС), арганізацыя, якая складалася з нацыяналістаў. Сталіцай гэтай дзяржавы з'яўляўся Мінск. Тэрыторыя Навагрудскага ваяводства, за невялікім выключэннем, уваходзіла ў склад гэтай новай Беларусі.

Беларуская народная самапомач была зусім нешматлікай, але як і кожная крайне нацыяналістычная арганізацыя, вельмі актыўнай і фанатычнай. Сваімі смяротнымі ворагамі лічыла камуністаў і палякаў. Пошук камуністаў у той час натыкаўся на многія цяжкасці. Зрэшты, гэта быў перыяд, калі немцы білі Чырвоную Армію, і дні Савецкага Саюза, здавалася, злічаныя. Гэта ў значнай меры садзейнічала таму, што БНС усю сваю лютую нянавісць скіравала супраць палякаў. У Слоніме, Баранавічах, Стоўбцах і многіх іншых месцах у першай палове 1942 г. учынялі літаральна разню польскай інтэлігенцыі (Паводле Юры Туронка, восенню 1942 г. у Слоніме сярод польскай інтэлігенцыі 84 чалавекі былі расстраляны, да канца акупацыі ў акрузе з працы выгналі каля 1000 палякаў—іх замянілі беларусамі. У Навагрудку 31.07.1942 г. таксама было расстраляна некалькі дзесяткаў палякаў, між шшым, некалькі ксяндзоў, а 1.08.1943 г.—12 манахіняў. Тое самае адбывалася і ў Вілейскай акрузе: улетку 1942 г. сярод польскай інтэлігенцыі загінула больш за сто чалавек. Па абвінавачанню ў сувязі з акаўскім падполлем немцы расстралялі 9 ксяндзоў у Лідзе, у тым ліку ксяндза з Васілішкаў Цьіраньскага—аднаго з першых арганізатараў польскага падполля ў Заходняй Беларусі ў 1939/40 гг. У адказ на гэтыя карныя акцыі акаўцы ўзмацнілі тэрор супраць беларускага насельніцтва. Юры Туронак адзначае, што асабліва вялікіх памераў ён дасягнуў у Лідскай акрузе, дзе ад рук АК загінула каля 1200 беларусаў, якія былі на службе ў немцаў

Тыя жахлівыя выпадкі спасціглі наш штаб якраз у той час, калі пачыналася стварэнне абводаў у паўднёвай частцы акругі, гэта значыць у вельмі крытычны момант, калі яшчэ нашы сілы не былі арганізаваны задаць разбойнікам такога перцу, каб яны запамяталі да канца вайны.

Саюзнікам палякаў у барацьбе з БНС быў беларускі люд. (Сэндзяк мае на ўвазе каталіцкую штяхту—Я. С.). Яго негатыўная пазіцыя ў адносінах да БНС прымусіла немцаў да змены тактыкі. Справа ў тым, што акупанты сталі перад неабходнасцю запаўнення мноства вакансіяў у розных установах і арганізацыях, узнікла патрэба ў адукаваных людзях, а такімі людзьмі былі тут (маецца на ўвазе Заходняя Беларусь—Я. С.) пераважна палякі. Тысячы чалавек, асабліва ў гарадах, тады пыталіся ў нас, ці згаджацца на прапановы немцаў заняць тую ці іншую пасаду. Камендант акругі вырашыў, што трэба ўкараняцца ўсюды, дзе толькі можна, на ўсе пасады. Гэтае рашэнне мела вялізны ўплыў на ўсю дзейнасць нашай канспірацыі ў акрузе.

Там, дзе абводы былі добра арганізаваны, перш за ўсё Ліда, Шчучын, Валожын, Стаўбцы, адміністрацыйнае кіраванне ў гарадах і мястэчках хутка пераходзіла ў рукі членаў Арміі Краёвай. Затое на поўдні здзейсненая рукамі БНС бойня палякаў вельмі запазніла наша ўкараненне. У Мінску, дзе мы не паспелі своечасова асталявацца, справа насаджэння нашых людзей на патрэбныя нам пасады была ў дрэнным стане.

На правым беразе Нёмана ў руках членаў Арміі Краёвай аказаліся наступныя сферы кіравання: чыгунка, шасэйныя дарогі, лясная гаспадарка, гандлёвая сетка, сельская гаспадарка, арганізацыя Тодт, гарадское ўпраўленне, апякунскі савет, друкарня, выраб пячаткаў і штэмпеляў, а таксама беларуская паліцыя (Пра гэта ведалі немцы. Як сведчыць Юры Туронак, лідскі акруговы камісар (гебітскамісар) у сваёй спраздачы ад 15.08.1944 г. адзначаў, што "ў выніку тэрарыстычных акцый белапалякаў беларускі ўплыў неўзабаве спыніўся, так што ў рэшце стала немагчыма прыцягнуць беларускія адміністрацыйныя сілы на кіраўніцкія пасады". Камісар дадаваў, што 500-асабовая дапаможная паліцыя ў гэтай акрузе па-ранейшаму складалася з палякаў, ён лічыў гэтых людзей за цалкам ненадзейны элемент).

Такім чынам, да канца 1942 г. маёр (падпалкоўнік) Праўдзіц са сваімі супрацоўнікамі завяршылі арганізацыю Навагрудскай акругі і адначасова ўкаранілі сваіх людзей у адміністрацыйна-кіраўніцкі апарат на значнай частцы Беларусі.

У час акупацыі для нас вельмі важна было, як будуць адносіцца да акупантаў тутэйшыя людзі. Для высвятлення гэтага пытання многа часу не спатрэбілася. Яны адразу сталі нашым маўклівым саюзнікам. Маўклівым таму, што так вырашыла наша вышэйшае кіраўніцтва—ваеннае і палітычнае. Загад галоўнага штаба забараняў нам прымаць у шарэнгі Арміі Краёвай грамадзянаў, якія не з'яўляліся палякамі.

Варшава ўсё яшчэ не разумела Навагрудка. Гэта было наперакор нашым перакананням. Бо нас не пакідала ўпэўненасць, што перажываем перыяд, калі без палітычных і грамадскіх пераменаў не толькі не выйграем бітву за будучыню, але і прайграем за сучаснасць. Не драматызуючы праблемы, мы вырашылі вясной 1943 г. падрыхтаваць па гэтай справе мемарандум, які б звярнуў увагу галоўнага камандавання на існоўную ў нас сітуацыю і змяшчаў просьбу пра дазвол прыцягнуць тутэйшае сімпатызоўнае нам насельніцтва да сумеснай барацьбы з немцамі.

Для нас гэтая справа была тым больш важная, што ў паўднёвай частцы акругі мы павінны былі выканаць цяжкія баявыя задачы ў часе паўстання і адступлення немцаў. На жаль, у некаторых пунктах, напрыклад, у раёне Бытаня (масты на Шчары) ці на чыгуначнай станцыі Івацэвічы, мы адчувалі сябе настолькі слабымі, што выкананне такіх задачаў было праблематычным.

Мы мелі ўсе варункі, каб сярод тутэйшага люду знайсці дзейсных саюзнікаў у барацьбе з ворагам. Наш мемарандум па беларускаму пытанню апрацаваў былы камендант асяродка Навагрудак Людвік Ненартовіч («Мядзянка»), Мы яго рапарт неадкладна накіравалі ў штаб галоўнага камандавання. Вельмі спяшаліся, асабліва я,бо на маіх плячах ляжала адказнасць за як мага хутчэй рэалізацыю плана па прывядзеню ўсёй акругі ў баявую гатоўнасць.

У хуткім часе я таксама паехаў у Варшаву. Там мне сказалі, што наша справа, якая датычыць дастаўленага раней у штаб мемарандума, уладжана не будзе, бо гэтай праблемай цяпер займаецца камендант Віленскай акругі «Вільк», і толькі ён, а не хто іншы, будзе весці перагаворы на вышэйшым узроўні з беларускімі дзеячамі ў Вільні. Я папрасіў, каб мне далі, у меру магчымасці, вычарпальныя патлумачэнні ў гэтай справе. Далі. Назвалі нават некалькі прозвішчаў тых беларускіх «дзеячаў» і катэгарычна забаранілі нам рабіць хоць якія-небудзь крокі ў гэтым накірунку. Мы выканалі загад не без абурэння і шкадавання. Заставалася нам адно: высветліць, хто яны, тыя дзеячы. Вынік быў такі, як і прадбачылі. Калі б яшчэ жыў цар Мікалай і прыняслі яму для зацвярджэння спіс тых «дэлегатаў» на перагаворы, падпісаў бы яго абедзвюма рукамі.

Кім былі тыя дзеячы? Беларускі народ альбо зусім іх не ведаў, альбо ведаў вельмі слаба. Нашчадкі царскіх паноў і царскіх чыноўнікаў, прывезеных сюды з глыбіні Расіі ў часы пасля «раздзелаў». Пасля ліквідацыі царызму яны сталі тут «беларускімі дзеячамі», упырсквалі ў людзей яд нянавісці.

Мы не цікавіліся ў далейшым, што далі каменданту Віленскай акругі тыя «палітычныя» размовы на «вышэйшым узроўні». Відавочных эфектаў тых размоў з «палітычнымі дзеячамі» ў Вільні мы не заўважылі.

Беларускі люд з усім спакоем трымаўся сваёй пазіцыі да канца акупацыі. Адмежаваўся ён ад БНС, а створаную акупантам новую Беларускую дзяржаву ігнараваў».

Як мы ўжо аднойчы падкрэслівалі, любыя ўспаміны носяць суб'ектыўны характар. У гэтым сэнсе фрагмент мемуараў Станіслава Сэндзяка—не выключэнне. 3 аднаго боку, ён, на наш погляд, прыпісвае Беларускае народнай самадапамозе большае значэнне, чым яна мела на самай справе, бо БНС не атрымала значнай падтрымкі ў беларускага насельніцтва і не стала сапраўды масавай арганізацыяй. 3 другога боку, суб'ектыўныя ўспаміны ў значнай ступені характарызуюцца спрошчаным падыходам да разгляду праблемы. Ніяк нельга пагадзіцца з аўтарам, што сярод дзеячаў беларускага нацыяналістычнага руху ў гады другой нямецкай акупацыі былі толькі нашчадкі царскіх чыноўнікаў і папоў і за іх абедзвюма рукамі прагаласаваў бы цар Мікалай. Тыя ж Янка Станкевіч, Вацлаў Іваноўскі прытрымліваліся выразнай каталіцкай і прапольскай арыентацыі.

Але ж не будзем залішне прыдзірлівымі да Станіслава Сэндзяка, тым больш што карэктывы ў гэтую справу ўнёс яго суайчыннік Юры Туронак. Сур'ёзны кваліфікаваны даследчык ярка паказаў узаемаадносіны паміж польскай АК і ваеннымі фармаваннямі БЦР і БНС на зямлі беларускай.

Давайце не забываць: успаміны пісаў былы вайсковец, і ён усе тагачасныя падзеі бачыць іменна з пункту гледжання вайскоўца, афіцэра, галоўнае для якога—перыпетыі ўзброенай барацьбы, а не аб'ектыўныя шырокія рэаліі, не палітычныя складанасці і тонкасці адносінаў вярхоў Арміі Краёвай і беларускіх нацыяналістычных групоўкаў. Для нас мемуары начальніка штаба Навагрудскай акругі каштоўныя тым, што зыходзяць ад непасрэднага ўдзельніка падзеяў «унізе». Чалавека, які ў той час менш за ўсё думаў, як і з кім весці перагаворы, а якога больш за ўсё цікавіла, як і з кім ваяваць. Што фарміраванні Беларускай службы парадку (дапаможнай паліцыі) і Беларускай краёвай абароны былі для Арміі Краёвай такія ж самыя ворагі, як немцы, Саветы, летувiсы, напэўна, можна не сумнявацца. Бо Сэндзяк думаў пра сучасную і будучую Польшчу, а не пра палітычныя гульні дзеячаў.

Тым больш што ваяваць з беларускімі фарміраваннямі, якія падпарадкоўваліся немцам, АК трэба было не на словах, а на справе. Напрыклад, у часе акцыі ў Івянцы ў чэрвені 1943 г. атрад Каспера Мілашэўскага захапіў у палон 300 беларускіх паліцэйскіх на чале з іх начальнікам Пазнаньскім.

Але не заўсёды перамога была на баку акаўцаў. У красавіку 1944 г. 8-ы батальён 77-га пяхотнага палка (кодавая назва «Багданка») пад камандаваннем паручніка Тадэвуша Масакоўскага ("Ястшэмбца") атакаваў моцны гарнізон Беларускай краёвай абароны ў мястэчку Уселюб за 15 кіламетраў на поўнач ад Навагрудка. У ходзе кровапралітнага бою загінуў паручнік «Ястцэмбец». Няўдачнай для акаўцаў аказалася ўся акцыя ў цэлым. Панёсшы значныя страты, «Багданка» вымушаны быў адступіць. (Падрабязна гэтая аперацыя апісваецца ў польскім часопісе «Вайсковы пшэглёнд хісторычны».1991. № 1).

Так што вярхі вялі перагаворы, спрабавалі іх весці, а нізы ваявалі. 3 пераменным поспехам.

 

Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 2 comments